МАСКО́ЎСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ДЗІЦЯ́ЧЫ МУЗЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя Н.І.Сац, буйнейшы ў Расіі музычны тэатр для дзяцей. Адкрыты ў 1965 у Маскве, з 1987 акадэмічны. Заснавальнік, дырэктар і гал.рэж. Н.Сац (да 1993), з 1994 т-р яе імя. У рэпертуары оперы «Воўк і сямёра казлянят» М.Каваля, «Чырвоны капялюшык» М.Раўхвергера, «Тры таўстуны» У.Рубіна, «Горад майстроў» Я.Саладухі, «Хлопчык-велікан» Ц.Хрэннікава, «Сёстры» Дз.Кабалеўскага, «Залаты ключык» І.Марозава, «Чароўная музыка» М.Мінкова, «Мая мама» А.Спадавекія, «Басцьен і Басцьена» і «Чароўная флейта» В.А.Моцарта, «Другога красавіка» А.Чайкоўскага, «Казка пра страчаны час» Ю.Ражаўскай, «Кароль Лір» Ш.Чалаева і інш., муз. камедыя «Беласнежка» Э.Калманоўскага, балеты «Негрыцяня і малпа» Л.Палавінкіна, «Скрынка з цацкамі» на муз. К.Дэбюсі, «Камар і самавар» А.Ларыёнавай, «Калабок» і «Сіняя птушка» Раўхвергера (апошні з выкарыстаннем музыкі І.Саца), «Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага, «Папялушка» С.Пракоф’ева, «Капелія» Л.Дэліба і інш., а таксама сімф. канцэрты, тэатралізаваныя відовішчы і інш.Гал. балетмайстар Б.Ляпаеў, гал. дырыжор Л.Гершковіч.
Літ.:
Левтоновы В. и О. Единственный в мире // Театр. 1976. № 2;
Сац Н.И. Новеллы моей жизни. Кв. 1—2. 3 изд. М., 1985;
Викторов В. Наталия Сац и Детский музыкальный театр. М., 1993.
Будынак Маскоўскага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра.